Витебская областная организационная структура РГОО 'Белорусское общество охотников и рыболовов'

Соревнования по рыбной ловле в “Поставской РОС” РГОО “БООР”

Хто лепшыя рыбакі — мужчыны або жанчыны? Ці знаходзяць паразуменне муж і жонка, у якіх аднолькавае захапленне? І нават пра маленькія рыбацкія сакрэты можна было даведацца падчас спаборніцтваў па спартыўнай летняй рыбнай лоўлі паплавочнай вудачкай.

Яны ладзіліся ў адну з субот ліпеня на рацэ Мядзелка, каля адміністрацыйнага будынка раённай арганізацыйнай структуры рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў” (БТПР). Дырэктар арганізацыі Алег Алегавіч Карпік пажадаў удзельнікам спаборніцтваў ні хваста ні лускі, і рыбакі разышліся па сваіх месцах. Надвор’е было спрыяльным, калі не лічыць рэзкіх парываў ветру, што перашкаджалі закідваць лёгкія прынады.

Тры гадзіны прайшлі ў цярпенні і азарце. К фіналу спаборніцтваў карыфей рыбнай лоўлі Павел Гук з дапамогай Часлава Шырая зварылі юшку, якой частаваліся ўсе прысутныя. Удзель¬нікі, зматаўшы вуды і прыхапіўшы ўлоў, накіраваліся на кантрольнае ўзважванне. Рыба ў той дзень бралася дрэнна. Кожны меў на конт гэтага сваё меркаванне: нехта спісваў няўдачу на вецер і хвалі, нехта — на бліз¬касць знаходжання жадаючых паназіраць за працэсам.

Лавіць рыбу — не ў шахматы гуляць — сцвярджаюць рыбакі. Не ўсё залежыць ад логікі, існуе фактар шанцавання. На гэты раз найбольш пашанцавала навучэнцу Пастаўскага дзяржаўнага каледжа Арцёму Атвалку. Ён злавіў амаль… 300 грамаў рыбы. У спаборніцтвах удзельнічалі і Арцёмавы бацькі — Пётр Уладзі¬міравіч і Святлана Аляксандраўна. Яны крыху адсталі ад сына, але абышлі іншых удзельнікаў. Пераможцы атрымалі патрэбныя для рыбнай лоўлі прызы — вудачкі, спінінгі, вагі.

— Арцём з мамай і Павел Гук прадстаўлялі наш раён на міжраённых спаборніцтвах па рыбнай лоўлі, якія ў пачатку ліпеня ладзі¬ліся ў Глыбокім, — расказваў А. А. Карпік. — Павел быў лепшым у асабістым першынстве, Арцём — сярод юных удзельнікаў, Святлана — сярод жанчын. Адпаведна, наша каманда заваявала першае месца. Рыбацкая ўдача ўсміхнулася Атвалкам і сёння.

— Жывём побач з ракой, — гаварылі пераможцы. — Як толькі выдаецца вольная хвіліна, бяром у рукі вуду. Мы і пазнаёміліся на рыбалцы. Арцём рыбачыць з намі з чатырохгадовага ўзросту. У нас вопыт, у яго — удача. Сынам ганарымся. Ён пастаянны ўдзельнік розных спаборніцтваў: самы трапны стралок, удалы рыбак.

З вялікім азартам лавіў рыбу і самы юны ўдзельнік — Уладзік Радабольскі. Ён прыйшоў разам з дзядулем — у мінулым заўзятым рыбаком. Энтузіязм дзесяцігадовага хлопчыка адзначаны вудачкай.

— Захапленне рыбалкай нярэдка параўноўваюць з хваробай, — казалі ўдзельнікі. — І гэта сапраўды так. Часам важны не столькі ўлоў, колькі магчымасць пабыць на свежым паветры, на беразе ракі або возера. Так было і сёння: хоць рыба не бралася, задавальненне ўсё роўна ёсць.